Акрываючы мерапрыемства, дырэктар раённай цэнтралізаванай сістэмы Валянціна Клімовіч адзначыла: “Мы задаволены тым, што добрая традыцыя працягваецца, і неабыякавыя да гісторыі свайго краю людзі сабраліся разам, каб абмеркаваць надзённыя пытанні краязнаўства”. Вітаючы прысутных, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Яўген Скарабагаты агучыў Прывітальны адрас ад старшыні Дзяржынскага райвыканкама Максіма Лысенкі.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Аляксандра Пракапчук, благачынны цэркваў Дзяржынскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма протаіерэй Барыс Палтаржыцкі і клірык гэтага храма іерэй Павел Сенкевіч, а таксама вучні старэйшых класаў устаноў адукацыі г. Дзяржынска.
Ва ўступным слове нязменная вядучая Койданаўскіх чытанняў, галоўны спецыяліст бібліятэчнай установы Вольга Жыбурт адзначыла, што памяць звязвае у адно цэлае людзей і стагоддзі, перадае вопыт і засцерагае ад фатальных памылак. Больш поўна сэнс гэтай думкі атрымаў развіццё ў разважаннях гісторыка і паэта Антона Анісовіча. У сваім даследванні ён вобразна і даходліва раскрыў сутнасць такіх паняццяў і сацыяльных з’яў, як гістарычная памяць, назапашанныя веды, калектыўны вопыт. На яго думку, яны не толькі падтрымліваюць сувязь пакаленняў, але і дапамагаюць сфарміраваць тып беларускага характару, які сёння можна лічыць кодам нацыі. І, як належыць творчаму чалавеку, сваё выступленне Антон Анісовіч завяршыў дэкламаваннем уласных вершаў.
Сугучныя думкі прагучалі і ў выступленні наступнага дакладчыка – гісторыка Людмілы Кірэевай, якая выказала свае разважанні па не менш актуальнай тэме “Адна гісторыя – адна памяць”.
Вядомы ў раёне паэт і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Савінаў не аднойчы ў сваёй творчасці звяртаўся да мінулага Дзяржыншчыны і падзей Вялікай Айчыннай вайны, таму значная частка яго выступлення была прысвечана краязнаўчай рабоце. Ён зазначыў, что гісторыя і памяць – гэта ідэалагічныя паняцці. І, улічваючы складаную міжнародную абстаноўку, узнікае неабходнасць больш увагі надаваць патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення, у тым ліку і на прыкладах нашых землякоў, удзельнікаў вайны. Таму, на думку Барыса Савінава, наспела неабходнасць выдання асобнай кнігі, прысвечаннай Героям Савецкага Саюза, ураджэнцам Дзяржыншчыны.
Між тым вучнёўская моладзь раёна ўжо актыўна ўключаецца ў працэс краязнаўчай работы. Гэта падцвердзіў удзел у Койданаўскіх чытаннях вучаніцы 9 класа гімназіі №1 г. Дзяржынска Васіліны Тапарковай (навуковы кіраўнік – настаўнік гісторыі Людміла Цюшына). У сваім выступленні юная даследчыца прасачыла жыццёвы шлях Надзеі Хмялеўскай (Варанковай), якая прайшла праз цяжкія выпрабаванні ваеннага часу, а потым прысвяціла сваю дзейнасць самай мірнай прафесіі – працяглы час працавала настаўніцай сярэдняй школы №1 г. Дзяржынска, а затым – інспектарам раённага аддзела адукацыі.
Цікавую і грунтоўную работу прадставіў на суд слухачоў удзельнік краязнаўчага аб’яднання “Койданаўскія летапісцы” Вацлаў Матусевіч. Сваё даследванне ён прысвяціў 55-годзю выхаду ў свет кнігі нашага земляка Ігара Хадановіча “За акном дождж”. Пра гэтага таленавітага пісьменніка і журналіста вядома не шмат. Трагічны выпадак абарваў яго жыццё у маладым узросце, але сваёй творчасцю ён пакінуў выразны след. Гэта і прымусіла прамоўцу звярнуцца да старонак з яркага жыцця Ігара Хадановіча, каб прасачыць яго дзяржынскія карані і захаваць памяць пра чалавека. І гэту задуму Вацлаў Матусевіч выканаў бліскуча. Прадставіўшы малавядомыя звесткі з радавода Хадановічаў, ён прасачыў прамую сувязь з сям’ёй Гурыных з вёскі Шпількі, адкуль выйшаў Герой Савецкага Саюза контр-адмірал Антон Гурын. У выступленні прагучала і прапанова аб тым, каб аднавіць у друку творы Ігара Хадановіча, бо ў раёне іх засталося ўсяго некалькі асобнікаў.
І наогул, падчас Койданаўскіх чытанняў неаднаразова ўздымалася пытанне аб неабходнасці фінансавай падрымкі краязнаўчай работы ў раёне, бо толькі праз выданне кніг такога кшталту можна захаваць нашу духоўную і гістарычную спадчыну і ў цывілізаваным выглядзе перадаць яе наступнаму пакаленню.
Источник: Узвышша